2022 г. – 515 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Бродніца (Іванаўскі р-н; 1507)
Вёска Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1507 г. У 1554 г. тут былі двары-хутары Івана Хвіцко, Мачко Кунэўча, Андрэя Шымановіча, Івана Дземяновіча. Згодна з пісцовай кнігай у 1555 г. Бродніца належала Ставецкаму двару ў Пінскім павеце, 16 гаспадарак. Па адзін бок вуліцы знаходзіліся дамы, па другі гумны.
2022 г. — 115 гадоў з заснавання Бродніцкага спіртзавода (Іванаўскі р-н; 1907), вядучага прадпрыемства па вытворчасці спірта, крухмалу
Напачатку ХХ ст. Марыя-Ганна Выджга з’яўлялася ўладальніцай маёнтка Бродніца-Юхнавічы-Дубай у Пінскім павеце Мінскай губерні (цяпер в. Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). У 1907 г. яна заснавала броварны завод у Бродніцы. Бровары, вінакурні, броварныя заводы – вытворчасць, дзе варылі піва, гналі гарэлку. У Беларусі вядомы з ХVІ ст.
1861 г. — 160 гадоў з дня нараджэння Францішка Бруздовіча (1861–1912), беларускага мастака ў галіне манументальна-дэкаратыўнага і станковага жывапісу
Францішак Бруздовіч нарадзіўся ў 1861 г. у вёсцы Бродніца Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў Варшаве (1880–1883), у Кракаўскай школе мастацтваў у Яна Матэйкі (1883–1887). Пасля атрымання адукацыі працаваў у Польшчы.
23 лютага 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Паўла Мікалаевіча Мельніка (1950), ганаровага грамадзяніна Іванаўскага раёна (2018)
Павел Мікалаевіч Мельнік нарадзіўся 23 лютага 1950 г. у вёсцы Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1973 г. скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «заатэхнія». З 1977 г. працаваў у сельскагаспадарчай галіне Іванаўскага раёна.
2020 г. — 155 гадоў з часу пабудовы Крыжаўзвіжанскай царквы ў аг. Бродніца (1865; Іванаўскі р-н), помніка драўлянага дойлідства
Царква Уздзвіжання Крыжа Гасподняга размешчана ў цэнтры аг. Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1863 г. у дакуменце «Ведамасць цэркваў, на пабудову і папраўку якіх прадастаўляюцца акты і расцэнкі» згадваецца, што ў сяле Бродніца Пінскага павета неабходна пабудаваць царкву. Будынак узведзены з дрэва на каменным падмурку ў 1865 г. у асноўным за сродкі дзяржавы, якая вылучыла 4100 рублёў.